АЎТАМАТЫ́ЧНАЯ ТЭЛЕФО́ННАЯ СТА́НЦЫЯ

(АТС),

комплекс тэхнічных сродкаў для аўтам. камутацыі каналаў сувязі тэлефоннай сеткі. У залежнасці ад ролі і месца АТС адрозніваюць мясцовыя (устаноўча-вытворчыя, гар. і сельскія), міжгароднія і міжнар. АТС, а таксама тэлефонныя вузлы. Паводле тыпу камутацыйных прылад бываюць: дэкадна-крокавыя (пабудаваныя ў канцы 19 ст.), каардынатныя (1920-я г.), квазіэлектронныя (1960-я г.), электронныя (1970-я г.), з 1980-х г. — лічбавыя АТС (электронныя АТС з перадачай лічбавых сігналаў).

М.А.Баркун.

т. 2, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)